Баляда Васіля Захаркі
|
1.04.1877 – 14.03.1943
|
Стварыць дзяржаву і ня ў ёй пражыць – Такі ўжо лёс, і гэты лёс ня чорны. А за вакном у Празе сьнег імжыць, І гэты сьнег – нібыта попел зорны Зь нябёс, якія па-над той зямлёй, Якая засталася ў далячыні, Але якой павек ня стаць чужой, Бо гэтая зямля тваёй Айчыны, Што стане белым Храмам для Эўропы, Як сотня год пакутна праміне І зарастуць, як трэшчыны ў сьцяне, Чарнюткія крывавыя акопы... І ты задумна праз вакно глядзіш На Прагу, дзе мяцеліца шугае. Гародня, Зэльва, Полацак, Нясьвіж І Беларусь уся, уся сьвятая Празь сьнег перад табою праплывае І не зьнікае, бо твая яна, Як плачу беларускага сьцяна.
11.IX.2008.
|
|