Баляда Вацлава Ластоўскага
|
8.11.1883 – 23.01.1938
|
Дзень адыдзе ў небыцьцё Па чырвоных кветках сьмерці. Верыць жа табе ў жыцьцё І казаць народу: «Верце!» І на вулках нашай Вільні Бачыць волю праз гады І праз турмы, і клады, Бачыць залаты наш час, Дзе наш Бог пачуе нас, Бо сваё мы скажам слова: «Мы народ, і ў нас ёсьць мова, Ёсьць адвечная Айчына, А вакол яе – чужына...» І ляціць у сэрца куля Па загаду: «Расстраляць!» І пакуль яна ляціць Вечнасьць будзеш ты зьбіраць, Каб радзіным словам жыць, Каб ісьці ў сьвітаньне наша І цяпліць сьвятло для нас. «Ён – нацдэм!» – бязродны кажа, «Ён – змагар!» – нам кажа час, Што пачаўся ў родным краі, Дзе заўжды чужынцаў зграі, Дзе заўжды нас вельмі мала. Толькі годнасьць не прапала! ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Век адыдзе ў небыцьцё, Ды ня скончыцца жыцьцё.
6.X.1993.
|
|