«Увага! Увага! Увага! Рыхтуецца атамны выбух. Хавайце дзяцей! Хавайце вучоных і кнігі! Хавайце ў зямлю партытуры Бетховена і Гуно! Хавайце карціны Босха: Ён ведаў пра гэта даўно». Дзіўны, дзіўны мастак! У цемры сярэднявечча Сядзеў ён перад мальбертам, Які асьвятлялі сьвечы. Цень у кутах пакоя, Цені па фарбах бягуць, Цень над роднай краінай, Змрочныя цені ў мазгу. Іспанцы край захапілі, Палілі людзей без жалю, Жыць не давалі нікому, Існаваць – рабам дазвалялі. Плакалі дзеці малыя, Ўміраючы на нажы, І нельга было сьмяяцца Мастаку, што з праўдай дружыў. Таму ў грудзях такога Не сэрца, а галавешка, Таму ў Героніма Босха Памерла на вуснах усьмешка. Ён бачыў, што душы прыгнечаных Не сталь, а бязвольны воск, І прарочыў дрэнным людзям Геній Геронім Босх. Сваёй неўтаймоўнай фантазіяй Выклікаў ён пачварныя здані... Праз трэшчыны на палотнах Чуюцца гукі рыданьняў. Лётаюць мёртвыя птушкі, Палаюць жывыя кусты, Пачвары з галовамі грыфаў Рэжуць сабе жываты. У адных галовы без ног, У другіх пад задам калені. Кідаюцца ў пажарах Маўклівыя голыя цені. Праз дымнае і чырвонае, Праз попельнае сьвятло Танкі ідуць магутныя, Якіх тады не было, Ці мог ён тады прадбачыць, Што пройдзе сто пакаленьняў І ажывуць наяве Пачвары яго ўяўленьняў? Што будуць з акопаў людзі Дзерціся на накат І кідацца ім пад ногі Зь цяжкай вязкай гранат. Вы, васковыя душы, З ланцугоў кашмары спусьцілі, Вы над роснай зямлёю Сьмерці грыбы ўзрасьцілі... Даўно прарочыў такое Босха трывожны мозг. І ўсё ж аднаго ты не ведаў, Вялікі Геронім Босх. Зьведаўшы чалавека, Зьведаўшы мора і сушу, Не мог ты ведаць, што ў сьвеце Стальныя вырастуць душы, Што на хлусьлівых і хцівых Узьнімецца іх рука І вытрасе іх са скуры, Як бульбу гнілую зь мяшка. «Увага! Увага! Увага! Выбухаў больш не будзе! Выносьце скульптуры і кнігі, Сьпявайце і сьмейцеся, людзі! Выносьце дзяцей заспаных Пад сонечных гукаў прыбой! Выносьце карціны Босха! Адбой! Вечны адбой!»
1960
|
|