Баляда Яўгеніі Пфляўмбаўм
|
1.11.1908 – 13.01.1996
|
За мужам у Сібір... А для чаго? Ці трэба? Пытаньні, нібы сьнег, ля сэрца растаюць. А над табою чорнае, як воран, неба, І ўдзень, і ўночы сумна плачуць і пяюць Ваўкі і людзі, і таму навошта вершы Пра родны край, якога ў нас амаль няма, Але ўсё ж да яго празь вершы ўсё ідзеш ты І прыйдзеш, бо задушыцца крывёй зіма... І будзеш з мужам ты, нібыта за сьцяною Схаваная, хаваючы ў сваёй душы Жаданьне грэшнае: ня толькі быць жаною, А быць паэткаю, расьпятай на крыжы Паэзіі, якая вечнасьць не шукае, Ды застаецца вечнаю, як гэты сьвет, Дзе, нават паміраючы, не памірае – Пакутуе ў сваёй паэзіі паэт... І пішаш верш, хаваючы, як грэх, ад мужа, Пра родны край, які ў нас ёсьць, дзе ты жывеш, І белая папера прад табой, як сьцюжа, І пралятае празь яе, як куля, верш...
28.VI.2008.
|
|