Баляда Івана Козела
|
21.05.1928 – 30.01.1970
|
У кожным родным слове прыгажосьць і сіла, І ў кожным слове кветка-папараць цьвіце. І нельга жыць самотна і зусім бяскрыла, Нібыта ў садзе маладым, сярод дзяцей Цікаўных і наіўных, для якіх Айчына Яшчэ пакуль ня стала вечнай і сьвятой, Як для цябе, якому слова нібы гліна, Зь якой ствараеш сьвет асьветлены сьлязой Людской і ўсьмешкай беларускай шчырай, ветлай... І ты глядзіш спакойна ў вочы дзетвары, Нібы ў люстэрка, бо ў душы сьвяточна й сьветла Ад студзеньскага сьнегу на тваім двары, Што хутка замяце і за табой дарогу, Якую ты, як толькі мог прайсьці, прайшоў, Каб заўтра расказаць пра беларусаў Богу, Пра кветку-папараць і пра сваю любоў Да родных ніў, да слова, што прыйшло ад маці, Ад тых людзей, якія за бацькоўскі кут Загінулі, каб, нібы папараць, мы шчасьце Знайшлі ў Айчыне і сказалі: «Шчасьце тут!»
13.XII.2008.
|
|