Баляда Ніны Мацяш
|
20.09.1943 – 19.12.2008
|
Хавацца ад людзей – не для паэта, Якому родны край – зусім ня рай, Якога і ня будзе – знаеш гэта, Бо гэта наш, як перад прорвай, край, Якому ты сваё «люблю» сказала У кожным вершы, што ў душы кіпеў І слова кожнае кроў апякала, Як сонца, у якім любоў і гнеў Жывуць і жыць даюць, калі жадаеш Ты ў сьвеце жыць, дзе ўсім нялёгка жыць, Дзе Млечны Шлях – ня рэчка залатая, А у хрыстовае крыві глыжы. І ты жыла, нібы малітва ў сэрцы Манашкі, для якой яе жыцьцё, Як матылёк, які аб неба б’ецца, Самотнае, дзе зоркі, як лісьцё На шкле, па-за якім дажджы і восень І дзень, дзе ты зьявілася для нас, Каб слова беларускае вялося І нас вяло празь ветравейны час, Дзе ты сваё «люблю» жыцьцю сказала У кожным вершы, што ў душы кіпеў, І слова кожнае кроў апякала, Як сонца, у якім любоў і гнеў...
25.XII.2008.
|
|