У пошуках за любай і адзінай, Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім, У нэтры той нязьведанай зямлі, Дзе нават пекла ўлада асяклася, Дзе павуціньня д’яблы не плялі На душы самых горшых, тых, што гасяць У чалавеках праўду і любоў, На душы, дзе кублом гадзюк сплялася Атрута вераломства. Злосьць зьвяроў Узнагарылася бы поруч зь ёю... І там пабачыў я бяздонны роў. Бязьмежнаю варонкаю густою Зрываўся ён ля самых нашых ног У нэтры зла. І гэтаю сьцязёю Сам Божы Сын – і той прайсьці б ня змог. Схіл абрываўся: стромы і сьмярдзючы, Схіл зла і сьлёз, адчаю і трывог, Пакут і безнадзейнасьці пякучай. І нехта там варочаўся на дне, Дарэмна поўз на ледзяныя кручы І ўніз зрываўся, грузны, як сьвінец. Ў бясьсільнай злосьці, ў ярасьці пакутах Ён ланцугамі пачынаў зьвінець, Стагнаў і выў разьюшана і люта, І роў, як львы і гарпіі – адзін, – Як быццам дэман там крычаў прыкуты Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін... І я пабачыў, што вакол бязодні Стаяў натоўп занураных мужчын. Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных. Там быў мой брат з крывёю на губах, Мой друг, апечаны агнём паходні. Расьпятыя на болю і дратах, Яны вакол стаялі і чакалі, Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках. Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі Двухногіх нейкіх, тоўстых і худых, Якія скавыталі і стагналі Аб літасьці на розныя лады, А ураган, імпэтны і імклівы, Іх кідаў на адхон, на край, на льды. І вось тады натоўп людзей маўклівы, Над прорваю схіліўшыся ніжэй, На гэтых, што спаўзалі па абрыву, Стаў кідаць срэбных і цякучых зьмей. І зьмеі іх кусалі ў вочы, ў карак, У кіпці, што чапляліся за глей. Яны зрываліся. І там пачвара, Ўздымаючыся змрочнай галавой, Задыхала атрутнай, мерзлай парай І забурчэла з радасьцю нямой. І спадарожнік мне сказаў з трывогай: «Горш сатаны царыца прорвы той. Яе адроддзе пазабыла Бога І, д’яблаў горш, пануе на зямлі, У вёсках, гарадах і на дарогах. О справядлівасьць, душы іх спалі! Разьвей іх попел! Пракляні іх семя! Да сотага калена спапялі! Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя І зрынуць іх сюды, на дно, на дно, На схілы прорвы, вострыя, як крэмень! Каб дзерла твары ім, як баразной, Каб паспыталі многіх простых мукі, І каб пачвара зжэрла гэты гной, Як зьмеянят сваіх жарэ гадзюка... Хай згубіцца ў бяздоньні іхні крык, – І зацьвітуць зямлі пакутнай лукі, І заплыве правал, як сьвет стары, Бо здохне з голаду дракон-пачвара, Бо злосьць яго бяз паліва згарыць». ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Ён скончыў. І прадбачаньнем кашмара Я ў яме зьведаў ворага майго... Ты, вечная любоў мая і мара, Загінула ад подыху яго, Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку, Пакінуўшы мяне з маёй тугой. «Настаўнік, – я спытаў (нясьцерпна-дзікай Была здагадка. Я хацеў стагнаць), – Хто там крычыць у ярасьці вялікай?» І ён сказаў: «Ня бачыш ты? Вайна!»
3.I.1961. Ворша.
|
|