РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорная баляда Гаркушы
Распускалася сонца – ружовы цьвет,
Зіхацелі лугі над ім.
Як павіны хвост, разгортваўся сьвет
Пад уражаным зрокам людскім.
Наплывалі чароды ліловых хмар,
Залатыя зьлівы лілі,
І вясёлкі сямікаляровы пажар
Піў ваду зь ізумруднай зямлі.
Серабрысты, густы вадзяны пасеў
Шумеў па цяжкіх садах,
Быў зялёны па-рознаму мох на страсе
І бляшаны замкавы дах.
І сівела, зьвінела ад кропель рака...
І ў гарачым сьвятле плылі
Сінія песенькі жаўрука
Над карычневай песьняй ральлі.
Чырванеў, бялеў і ліўся кірмаш,
Цьвіў і пахнуў, як бэз і язьмін.
Сапяжанак сангіна, цыганак гуаш
І ракаў нясьцерпны кармін.
Цьмянай меддзю дыхалі ў дзежках ліны,
І гарэлі ў руках людскіх
Паліваныя, як аліўкі, збаны
З палкім сонцам, што білася ў іх.
Над кадоўбцамі з сонечным мёдам дрыжаў
Ап’янелы пярэсты чмель,
Андаракаў хванды былі, як жар,
Як валошкі, як сонца, як хмель...
Вуснаў каханых вішнёвы агонь,
Белы хмель у тоўстай касе...
Шлях дамоў... Далёка аранжавы звон...
Маладзік, што драбіцца ў расе...
Адышло ты, каханьне, ў сівыя палі,
Прывід шчасьця зіхоткага зьнік,
І пагаснулі, выцьвілі фарбы зямлі,
Як стары сялянскі ручнік.
Бледны голад устаў і крыўда ўзрасла
Разьлівам крывавых крушын.
Дзе вы, цёмныя кучары вішань сяла,
Дзе ты, сонца маёй душы?!
Сьвечкі воск. Агеньчык над ім, як лязо.
Жоўты воск каханай рукі.
Дымна-шызыя, плыткія рызы ксяндзоў,
Малінавыя бадзякі.
«На каго ж ты?!» Марозна-зялёны палын,
Горкі верас ліловых палян.
Мірыяды помстаў. Нястрымная плынь.
Барвяны гнеўны вулкан.
Быццам белая лава, што з Этны цячэ,
Бруіла лава палкоў,
І ўцякала цемра ад сініх мячэй,
Ад блакітнага грому падкоў.
Потым барву зарніц глытала імгла,
І пад покрывам буры сухой
Беларусь, як макава поле, цьвіла.
Кожны мак – пажар пад страхой...
Сіні сьпеў жаўрука... Аранжавы звон...
Мёд... Валошкі... Зіхоткі шлях...
Андаракаў хванды... Вясёлак агонь...
Сонца б’ецца ў зялёных збанах...
Згасае, згасае вясёлкавы плёс.
Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!
Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,
Аднаві мне маю зямлю.
Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць,
Да мяжы ў заходняй крыві,
Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы
Аднаві мой край! Аднаві!!!
Як махровая сажа ў хаце курной,
Чарнела вакол імгла.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Пажыцьцёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй...
Пажыцьцёва.
Бязь іскры сьвятла.
 
7.VІІ.1963. Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.