Ты ня помніш сьветлай адзіноты, Як ня помняць весьняга дажджу Кветкі ў садзе, ссохлыя ля плоту, Дзе з табой, зажураны, сяджу І гляджу на восеньскія далі, У якіх зьнікаюць нашы дні, Нібы туманы ў азёрных хвалях, Нібы матылі ў начным агні... Ты ня помніш сьветлай адзіноты І ня хочаш сёньня ўспамінаць, Як ісьці – па рэчцы з тонкім лёдам На той бераг, дзе крыжы стаяць, Пад якімі сьпяць вяскоўцы нашы, І якім ня хочацца, каб мы Іх забылі, як разьбілі чашы Зь цеплынёй на беразе зімы, Дзе ня ўспомнім сьветлай адзіноты, Як ня помняць весьняга дажджу Кветкі ў садзе, ссохлыя ля плоту, Дзе з табой, зажураны, сяджу, Як ля вогнішча, якое стухла...
6.XII.2007.
|
|