РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда шчасьця
Сорамна шчасьлівым быць паэтам
І дзяўчатам вершы прысьвячаць,
Нібы на дуэлі зь пісталета
У аблокі ў час вайны страляць,
І ня думаць, для чаго і хто ты
І чаму такі самотны я
За вакном сяджу, нібы за плотам.
Дзень за днём ідзе і год за годам,
І чакаем мы, як Бога, дня,
Што нам скажа: «Атрымайце шчасьце!»
Ну а шчасьця не было й няма,
І яго ў шчасьлівага ня ўкрасьці,
Украдзеш – законная турма,
Дзе няшчасным будзеш ты паэтам,
Што дзяўчатам вершы прысьвячаў,
Нібы сьнег ствараў сьпякотным летам,
А зімою кветкі расьсяваў
І ня думаў, для чаго і хто ты
І чаму такі вясёлы я.
У піўбары на апошні злоты
У Варшаве на сыходзе дня
Добра п’ю і не чакаю шчасьця,
Бо, як піва пенаю, яно
Можа ўзьняцца, тут жа і апасьці,
Нібы камень на марское дно...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.