Пачынаецца дзень, як пажар, У якім нехта сёньня згарыць І ўзьляціць адзінока да хмар, Каб камусь адзінока тут жыць І згараць у нябачным агні, Што з самоты нябеснай, як цень, І зямной, як трава, мітусьні. Як патоп, пачынаецца дзень. Пачынаецца дзень, нібы кроў Усплывае з глыбокіх азёр, Праступае зь зялёных лістоў, Што мо' заўтра памкнуцца да зор І ўпадуць нам пад ногі з табой На дарозе, што сёньня ў гразі. Тут магілы адна на адной, Тут паэты ляжаць і князі, Што згарэлі ў нябачным агні І ня думалі, каб як пажыць, Адно ведалі – іхнія дні Як цьвікі, што ў Хрыстовым крыжы.
|
|