РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ты ўцякаеш... Куды? Сам ня знаеш,
Бо галоўнае – зноў уцякаеш
Празь лясы, праз палі, праз балоты,
Як ад ценю, ад мёртвай самоты.
Уцякаеш, як вены ўскрываеш,
Як сябе на шматкі разрываеш
І крывёй заліваеш свой шлях
На траве, на вадзе, на пясках,
Дзе ўжо ўсьлед за табою бягуць
Маладыя ваўкі і нясуць
Адзіноту сваю, як штандар,
І бушуе трава, як пажар,
І ўскіпае вада, нібы шкло,
І пясок на шляху, як сьвятло,
Што з парэзаных венаў сьцякае.
Уцякаеш, як зьвер, уцякаеш,
Цішыню, нібы лёд, разьбіваеш,
І твой цень, як вада, затапляе
Тых, хто ўсьлед за табою ўцякае
Праз палі, празь лясы, праз балоты
Ад уласнай, як сьмерць, адзіноты,
Ад жыцьця, што прыгожым завём,
Ад жыцьця, у якім мы жывём,
Як трава, як вада, як пясок,
Як загнаны сабакамі воўк...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.