Бацькі з магіл цяплом дыхнулі, З узгоркаў сьнег схаваўся ў роў, І кожны горб шуміць, як вулей, Ад спрэчкі кветак і чмялёў. Загіне, хто ў мінулым дрэмле: Буяна травы ймкнуць да зор Навыперадкі, напярэймы, Узахапы і насупор. Сок крочыць па мільёнах лесьвіц, Па клетках – аж да верхавін, Каб падарыць сусьвету песьні, Здабытыя зь зямных глыбінь. Ляжу каля лясных узбочын, Ляжаць і ждуць мяне гады, І п'юць ускінутыя вочы Ўсю повень неба і вады. Мне цяжар шчасьця грудзі сплюснуў, Спляліся валасы з травой, І мятлушка сядзіць на вуснах, Каб разам уздыхаць са мной. Даволі марнай жыць пагоняй, Жывецца або не – жыві! Кароўка Божая ў далоні, Як кропля Божае крыві. І зноў бязьмежны сьвет чакае, Сьвет сэрцаў, песень і бароў. Дай мне, вясна, шляхі бяз краю, Дай сэрцу вечную любоў. Зямля гудзе, як цёплы вулей, Зьнікаюць крыўды, боль і зло... Бацькі з магіл цяплом дыхнулі, Каб дзецям жыць лягчэй было.
10.IV.1966.
|
|