Можна прапіць, прагуляць маладыя гады, Быццам ня выйсьці з начной, нібы дым, цемнаты, І там застацца, нібыта ў скляпеньні схавацца Ад сакавіцкага сонца, якому ўсьміхацца Над пачарнелым, задымленым сьнегам і сьветам... Добра на сьвеце, напэўна, цяпер зь пісталетам, Толькі навошта п’яному яшчэ й пісталет, Хопіць таго, што хадзіў тут са зброяй твой дзед І на вайне, і пасьля без вайны, малады, Быццам бы выйсьця шукаў, як з агню, зь цемнаты. Можна прапіць, прагуляць маладыя гады І анічога ў жыцьці для жыцьця не зрабіць, Можна сябе нізашто, як сабаку, забіць, Каб пасьмяяцца пасьпелі былыя сябры, Покуль і самі ня леглі ў зямлю без пары. Можна прапіць, прагуляць залатыя гады... І што тады?..
|
|