РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая альфабэта
А мае Айчыну
якая абмежавана
пагранічнай агароджай
А гэта апостал які адпачывае
аб’явіўшы сябе апошнім
А гэта агонь які асьвятляе
адвечныя абсягі
А чуецца з прорвы
куды падае самагубца
А пачынае веча
на якое зьбіраюцца словы
А абараняе і абараняецца
яно ведае атруту і асалоду
яно арыгінальнічае
яно альтанка ў якой абдымаюцца
адзінокія анёлы
 
Б біблейскае
яно Бог і Бацькаўшчына
яно благаслаўляе і бароніць
Б брухаты балбес
які любіць балбатаць
і які баіцца безуладзьдзя
Б барабаніць будзячы бязьмежжа
і бадзяючыся па бездарожжы
і бясконцых бялюткіх палёх
бачыць сваю Беларусь
 
В ваюе з ворагамі
ведаючы вернасьць і веру
В вандруе па ваколіцах
выбіраючы ворыва для валоў
В вылучаецца і вылучае
яно ведае верад
яно вясёлае і выбуховае
яно ваўкалака
якому вадзянік варожыць
на вар’яцкім віры
В вужакай выкручваецца
на вугольлі вечнасьці
вабячы ў восень
 
Г мае галасісты голас
яно ганарыцца сабой
гагоча і галёкае
яно гаспадар і гаротнік
якія любяць грамаду
у якой ёсьць грошы
Г гэта гліна
зь якой ганчар стварае гладышы
напаўняючы іх гаркотай
утравелых гасьцінцаў
па якіх грукаталі едучы госьці
 
Д заўсёды дагледжанае
яно як дабротны дамок
у якім жыве дамавік
Д дазваляе дражніцца
але ня любіць дайманьняў
Д дзівакаватае нават часам дзікае
яно дбае пра дровы для вогнішча
ля якога дурэюць дзяўчаты і дзецюкі
Д дужае і дзёрзкае
яго можна дакараць
забыўшыся што яно д’ябальскае
і ў ім дрыжыць дождж
 
Е енчыць просячы еднасьці
хоць яно ерэтычнае
хоць яно еўрапейскае
і Е магло б шыкаваць
калі б Е паваліў езуіт
 
Ё заявіла ўсім што яно ёсьць
што яно было і будзе
бо яно ёмкае
бо яно Ё
 
Ж гэта жабрак які жаліцца
што яму жывецца жудасна
і ён не жадае жабраваць
Ж бывае жорсткім
але яно любіць жартаваць
Ж заўсёды журботнае
як апошнія дні жніўня
як крык жураўліны
над жаўталісьцем і журавінамі
 
З сьцюдзёнае як зіма
злоснае як завея
якая знае золак і зьмярканьне
З знаёміць і зрадняе
яно забаўляецца заклікамі
і зелянее пасьля залевы
яно бывае заспаным і затомленым
яно зацята глядзіць на захад
і маючы зброю
не зважае на зьедлівыя зьвягі
злосных зайздросьнікаў
якія ня зычаць злагады
З змагаецца за звычаі
яно захапляецца
яно замыкаецца ў замку
і глядзіць на зоры
якія асьвятляюць згадкі
 
І вострае як іголка
сумнае як іржышча
яно мае імпэт імправізаваць
яно іспытвае істоту
прымушаючы ісьці па істужцы
празь імжу
яно там дзе існасьць
яно імпануе інтарэсам іншых
не імкнучыся да ідыліі
 
К клапоціцца пра казань
камянее ў капліцах
красуецца з карчмаром
каля дарогі на кірмаш
яно капітулянцкае
як поўны калядны куфаль
К сьветлае як кастры Купальля
як калюгі красавіка
як каханьне курсісткі
да кавалергарда каралеўскай коньніцы
К кволае як канваліі
на якіх калышуцца казкі
 
Л любіць лагоду
яно ласкавае і лёгкае
зь яго пачынаецца лёс
яно лекі для летуценьнікаў
яно люстра
у якое любуецца ліпень
Л вастрыё стралы
якая ляціць у лістапад
дзе жоўтыя ліхтары лістоты
лунаюць над людскім лямантам
які лякуе лесуна
 
М маючы мэту
цьвёрда стаіць на дзьвюх нагах
яно маладое і мажнае
яно мае маёнтак
дзе жыве Майстра
які любіць маланку і маладзік
М маруднае і мройнае
яно мост
паміж магу і можна
яно марыць пра мора
маркоціцца як манах
яно мілагучнае і музычнае
яно любіць мастацтва
асабліва матылёў над мальвамі
 
Н набожнае і незалежнае
яно прызнае навукі
насычаецца небам
і ў належным настроі
чакае наканаванага
яно назірае за надвор’ем
надае назоўнікам назвы
намацвае ў намеці недагляд
яно непакоіцца як натоўп
яно любіць неруш
дзе нудзіцца натхненьне
 
О ўсім захапляецца
яно рэдка вытыркаецца ў лідэры
яно сьвеціцца як шаравая маланка
яно задаволенае сабой
О гэта зьвяно ланцуга
на якім прывязаны цмок
які ахоўвае залаты пярсьцёнак
маёй каралеўны
 
П пільнуецца пана
які пайшоў на паляваньне
і павінен прынесьці перапёлку
П памяркоўнае
прымушаючы працаваць у поце
яно не любіць прымусу
яно прыхільнае да парадку
яно пісьменнае
яно праўдзівае
П прапускныя вароты ў пекла
ля якіх уздымаюць пыл прайдзісьветы
П прысутнае ў паху палыну
які парос на папялішчы
дзе павукі прыгожаць памяць
П прыручае полымя
яно пазірае на прыгожых паненак
прагнучы прыязнасьці
яно просіць прабачэньня
і само прабачае
але толькі пасьля пацалунка
 
Р любіць рамантыку
яно рэлігійнае і рыцарскае
яно ратуе ад роспачы
рагоча з разяў
слухаючы рэха
Р радуецца рэчцы і раніцы
яно расьсявае рамонкі
размаўляе з рыбаловамі
якія напачатку разгубіліся
злавіўшы русалку
але на разьвітаньне
падарылі ёй букет ружаў
 
С сьцюдзёнае як студзеньскі сьнег
яно сьлізкае як сьлімак
які схацеў славы
але атрымаў сьмех і сьмецьце
С салодкае як сьпеў салаўіны
які спакушае сустрэцца
яно сьвечкай сьвеціцца ў сутарэньні
дзе сьпіць самота
С гэта сабака
які шукае сэнс
на скрыжаваньні скразьнякоў
скуголячы па страчаным скарбе
С гэта сэрца сакавіка
дзе я з сымпатычнай сяброўкай
сустракаю сьвітаньне
 
Т мае свой твар
яно трывалае і таямнічае
яно тужыць па траўні
яно тутэйшае
Т гэта парасон
пад якім схавалася Ты
трапіўшы пад дождж
вяртаючыся з тэатра
 
У ўважлівае і ўражлівае
яно ўцякае ад уцех
убачыўшы ўсьмешкі
У ўзбагачае ўвішных
і маючы ўладу
успрымае ўдзячнасьць
У гэта ўдовін келіх
напоўнены ўспамінамі
 
Ф мае файную фігуру
яно фанабэрыста фарсіць
фыркаючы на фігляраў
яно фанатычна любіць футбол
феерверкі фантастыку і фінансы
яно на футурыстычнай фурманцы
у фацэтным футры
сьпяшаецца на фэст фаварытаў
 
Х хваліцца што мае хату
на сьвяты ходзіць у Храм
і да распнутага Хрыста
кладзе хрызантэмы
яно сьмяецца з хлуса
хвалюецца за хаўрусьнікаў
але яно халоднае
як рачныя хвалі
як хмары над хмызьнякамі
 
Ц адчувае сябе цудоўна
нават па-царску
яно калючае як церні
яно цэніць церпялівых
Ц ведае цалік і цемру
Ц гэта церам
у якім жыве цнатлівая царэўна
якая прывыкла да цішыні і цяпла
і якую вартуе цмок
зь ценем на цэлы церам
 
Ч чароўнае
яно чакае чэрвеня
калі адцьвітае чаромха
яно радуецца як чарцяня
і расхінаючы чарот
плыве ў чаўне да лесу
дзе расьце чабор
над якім чмурэюць чмялі
 
Ш шэпча пра шлях
яно шапаціць у шыпшыне
шукаючы шчасьця
яно шалапутнае
але яно шануе шчырых
яно заўсёды там дзе шаша
Ш шыпучае як шампанскае
якое п’юць шляхціцы
 
Э любіць эротыку
яно эмігрыруе ў само сябе
яно энэргічнае
яно эгаістычнае
і кажа мне эх ты
 
Ю мае свайго ювеліра
успамінаючы юнацтва
яно юрлівае
але яно часам юродствуе
баючыся юды
 
Я спакуснае як райскі яблык
Я імкнецца яднаць
але зь яўным жаданьнем
захаваць сваё я
Я гэта Яно
 
8–15.I.1995
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.