РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьнег

#1
сьнег гэта сьвятло
якое падаючы з вышыні
памерла ад страху
але ўпаўшы на зямлю
адчула свой час
і ажыло

 
2

 
сьнег гэта белы пыл
з­-пад колаў боскай вазьніцы
і мы з гэтага пылу
можам стварыць свой сьвет
белы і часовы
 

3

 
сьнег гэта сон
які сьніцца Сьнягурцы
што ўзьляцела над вогнішчам
і зьнікла ў небе
зь якога пасыпаўся сьнег
як попел
 

4

 
сьнег гэта квецень садоў
якія цьвітуць у пекле
і сыплецца гэтая квецень
на чорную як цемень зямлю
і сыплецца гэтая квецень
спакушаючы нас
 

5

 
сьнег гэта тое што будзе
але што будзе
ведае толькі сьнег
 

6. Сьвятло

 
і стала сьветла
і холадна
і гэта было сьвятло
якое мы бралі ў рукі
і яно зьнікла
як белы ветразь
пад якім адплывала зіма
на край сьвятла
як на край сьвету
 

7. Пыл

 
і ўсё гэта пыл
і ўсё гэта сумна
і сыплецца гэты пыл
як у пясочным гадзіньніку пясок
і пыл засыпае нас
і ўсё гэта пыл
 

8. Сон

 
у гэтым сьне
сьпяць чорныя дрэвы і травы
і вецер бяздомны злуецца
і я ведаю што гэта сон
і я іду празь яго
як празь белы прывід
і хочацца прачнуцца
і сон разгадаць
 

9. Квецень

 
па квецені гэтай
мы едзем з табой
над квеценьню гэтай
як пчолы вароны
і ў квецені гэтай
як у кокане матыль
драмае вясна
 

10

 
толькі ведае сьнег
чаму ён сьнег
 
1997
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.