У цэнтры горада турма, У цэнтры горада заводы. Стаіць у горадзе зіма, Народ вяртаецца з работы І не зважае на сьмяцьцё, Якое ў сьнезе пад нагамі. Далёка слаўнае жыцьцё, Калісь прыдуманае намі. Над горадам чарнюткі дым, Нібы груган, пасланьнік Леты. А мы ў нябёсы – не глядзім. Глядзім дапытліва ў газэты. Равуць аўтобусы, таксі, І ля мэтро царква – трасецца. У пудрах, грымах, што ў гразі, У рэстаранах шваль сьмяецца. Пайсьці ў тэатр або ў кіно? Ды там даўно няма білетаў. Забралі ў п’яніцаў віно. А што далі ўзамен за гэта? І мейсца для душы – няма. Адно з работы, на работу... У цэнтры горада турма, У цэнтры горада заводы.
|
|