За акном, як у бездані, ходзіць туман, І ў тумане, як шэрыя глыбы, дамы. Я за праўду люблю, не люблю за падман І людзей, і сябе, і пачатак зімы. Яшчэ цёпла ў задворках і сьнегу няма, Толькі вечарам сонны туман за акном. Гэта ў горад ідзе ў маскхалаце зіма, Гэта дорыць нас восень апошнім цяплом. Сёньня доўга крычалі ўначы журавы, Адклікалася болем на крыкі душа. Пабялелі ад холаду пальцы травы, І Дарогаю Млечнаю сьвеціць шаша. І пацягне мяне ў невядомы прастор, Так далёка, адкуль ці вярнуся назад. Адна толькі каханая крыкне: «Пастой!», І дагоніць, нам разам ісьці ў сьнегапад. Але ўсё ж нечакана прыходзіць зіма, Як прыходзіць каханьне, як шчасьця сьвятло. Яшчэ цёпла ў задворках і сьнегу няма, Толькі й лета даўно, як расстаньне, было.
|
|