РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра нешляхетнага пана
Нібыта ў турме, у бялюткім палацы
Жыў пан нешляхетны, выбраньнік Багоў.
Ня мог ён халопскае мовы цурацца,
За што й адракліся сябры ад яго.
Ён кніжкі чытаў і пісаў у газэты
Аб тым, што патрэбна людзей вызваляць
Ад рабства і Бог нам даруе за гэта
Грахі. І аб тым, што належыць зямля
Людзям, на якой іх дамы і магілы,
Зямля, на якой гаспадарыць чужак
У кроўным хаўрусе зь нячыстаю сілай,
Мяняе людзей на заморскіх сабак...
Халопам сваё раздаваў ён багацьце,
Ды толькі ніхто анічога ня ўзяў.
– Чаму ж анічога ня хочуць узяці?! –
Нібы звар’яцелы, начамі крычаў
І грошы паліў у чарнюткім каміне.
Зь іконаў халодна глядзелі Багі –
Аж нават мурашкі хадзілі па сьпіне
Ад іхніх паглядаў. Чарнеў ад тугі
І марыў пра роўнасьць людскую
                                                                          да раньня,
А ўраньні ішоў у мястэчка ў царкву
І, нібы фанатык, маліўся старанна,
У Бога пытаўся: «Чаго я жыву,
Калі не патрэбны я тут анікому,
Калі не патрэбны багацьці мае
Народу, што моліцца пану дурному,
Якому на'т сьмерці ты, Бог, не даеш?..»
І позна вяртаўся зь мястэчка бясьсілы,
І долю і волю сваю праклінаў.
Стаяў на каленях ля склепа-магілы,
Каменьне, як рукі, на ім цалаваў.
Прасіў дараваньня ў нябожчыцы маці
За тое, што стаў мужыкам патакаць,
За тое, што ўсё разбазарыў багацьце
І праўду пачаў у газэтах шукаць.
І кляўся, што мову халопаў забудзе,
Ізноўку набудзе сяброў-панічоў...
Але ж і назаўтра ён думаў аб людзях,
Пісаў у газэты пра лёс мужыкоў.
Цікаўным прыезджым халопы казалі:
– Наш пан нешляхетны, але неблагі...
Яго за дзівацтвы паны пракліналі,
Зь іконаў з пашанай глядзелі Багі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.