Разбураны замак. Высокія травы. У травах высокіх блукаюць самотна вятры. І пыл падымаецца ў неба гаркавы, Чырвоны, як кроў, і бязважкі, як водбліск зары. На рэштках валоў разрастаюцца лозы, Чакаюць чагосьці цяжкія на іх груганы Гнілое лісьцё, як іржавыя лёзы Мячоў паламаных, ляжыць ля разьбітай сьцяны. Начамі на замчышчы плача князёўна, І сьлёзы князёўны тугой напаўняюць прастор. Ды плачу ня чуе ніхто усё роўна – Раве, завывае прагрэсу галодны матор. Ад росаў атрутных згінаюцца травы, І ў травах спакой свой знаходзяць бадзягі-вятры. І пыл падымаецца ў неба гаркавы, Чырвоны, як кроў, і бязважкі, як водбліск зары.
|
|