Прабачце, паненка, у строях шляхетных, цнатлівых, Зь бялюткім праборам у гладкіх, як лён, валасах. Былі вы з гасьцямі прыветнай, прыстойна-маўклівай. І думка адна пра каханьне навейвала страх. А мне ўжо нічога ад вас не пакінулі воды, Імклівыя воды старой радаводнай ракі. Спадніцы крухмальныя сталі пялюшкамі потым, Каўнер-самавяз памяняны на лыжку мукі. І рукі, што ўмелі задумліва клавішы лашчыць, І крыжыкам шыць, і лацінскія кніжкі гартаць, Пасьля навучыліся працы штодзённай, бяднячай, І ўнукам нічога амаль не змаглі перадаць. І я ці змагу на калені ў царкве апусьціцца Так проста і шчыра, ці маўзеру ў вока зірнуць І, на'т не зьбялеўшы, чужынцу шпурнуць завушніцы І шлюбны пярсьцёнак – а годнасьці – не забяруць. Прабачце, паненка у строгім шляхецкім убраньні. Я ведаю – вы не такой уяўлялі мяне. Ды нейкую сувязь пакінула неба між намі, Таму і вісіць ваш партрэт у мяне на сьцяне, Таму і складаюцца гэткія дзіўныя вершы, Таму непамысна мне ў тлумных сучасных сяброў, І дом мой заўсёды – як ціхая кутняя вежа, І мову – адну выбіраю між роднасных моў.
|
|