Мы сабе прыдумалі Краіну І, самотныя, туды ўцяклі. Як анёл прыносіў Богу гліну, Нам прыносіць роднае зямлі Чорны воран, што кляваць нам вочы Будзе, як забудземся хто мы І чаму ў далёкім сьвеце воўчым Мы свае пакінулі дамы... Мы сабе прыдумалі Краіну І Краіны гэтае няма, Як зімой няма лісьця ў асіны, На якой павесіцца зіма. Ну а воран чорны прылятае І штодня прыносіць нам зямлю, На якой Краіна прарастае З боскіх словаў «Веру» і «Люблю»... Мы сабе прыдумалі Краіну, Як калісьці Бог прыдумаў нас І яму анёл прыносіў гліну Белую, як непачаты час...
|
|