РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Пімен Панчанка
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Родная мова
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй зьнікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
 
Гэта ластавак шчабятаньне,
Звон сьвітальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
I бусьлінае клекатаньне.
 
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» –
Адрачэцца ад мовы народ, –
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безьліч нягод.
 
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
 
Студзень – з казкамі сьнежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік – з сакатаньнем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
 
Красавік – час маланак і ліўняў,
Травень – зь першым каханьнем, сяўбой,
Чэрвень – зь ягаднаю зарой,
Ліпень – зь мёдам,
З пшаніцаю – жнівень,
 
Сьпелы яблычны верасень,
Сьветлы кастрычнік
У празрыстасьці чыстай, крынічнай,
Лістапад – залаты лістапад,
Сьнежань – першы густы сьнегапад...
 
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю –
Песьню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.