Ах, якая над Гайнай купальская ноч! Самы раз бы шукаць кветку-папараць, Самы раз уплятаць летуценьні ў вянок, Самы раз белы корань выкапываць! Ды ні гуку над Гайнай – пад цёмным шатром. Толькі зоркі – як вочкі Купаліны. Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом, Над ракою, агні не запалены? Раскладайце, паліце Купальля агні! Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына, А каб лепей убачыць наступныя дні, Да вытокаў душой дакрануўшыся... Раскладайце агні – хай плывуць па рацэ, Можа, ў зыркім сьвятле іх вы ўгледзіце Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ — Запрасіце яго прысуседзіцца! Ён вас, пэўна, папросіць «Каліну» сьпяваць I, напэўна, ад сьлёз не стрымаецца, Скажа: «Ах жа, якое купальлейка ў вас! Ах, якую вы спадчыну маеце!..»
1970
|
|