Баляда Тадэуша Лады-Заблоцкага
|
27.08.1811 – жнівень 1847
|
...Ня любяць вольнадумлівых цары. І каб ты мог памерці без пары Ты ў Грузіі паслужыш радавым. Над горамі туман, аблокі, дым Плывуць самотна, як і дні плывуць Праз абгарэлыя кусты, траву Пад сонцам, як пад царскаю каронай. І сьніцца Беларусь табе зялёнай, Дзе ля дарог імшэюць валуны, Дзе нашы горы – нашы курганы, Дзе косьці беларускія ляжаць, Нібы карэньне – век не скарчаваць – У нашай пераплецены зямлі. І каб ня зьніклі мы, а тут жылі Ня толькі трэба родны край любіць, Калі ўладарыць вораг, трэба біць Чужынца, бо ён сам табе ніколі Ня дасьць жыцьця прыгожага і волі... І пішаш вершы ты аб Беларусі, Дзе пчолы вялізарныя, як гусі І як арлы, што на далонях гор Гнязьдзяцца, ахінаючы прастор Магутным крыльлем, што ня знаюць стомы. Арлы маглі, каб папрасіў, дадому Цябе занесьці. Толькі не папросіш. Зь нябёсаў зоркі капаюць, як росы З высокіх траў, якія дома косіш, Нібы хлапчук распрануты і босы, Бо горача табе... І ты згараеш, І без пары да Бога адлятаеш...
16.VI.2010.
|
|