Баляда Якава Наркевіча-Ёдкі
|
8.01.1848 – 19.02.1905
|
На рэштках маёнтка кусты і асіны. Але не схавалі яны ад людзей Шляхетнасьць і веліч, якія ў Айчыны Былі пры табе і ў табе... ...І мілей Нічога няма для цябе, і ня стане, Чым Нёман, хоць помніш Маскву і Парыж, Як помняцца матчыны песьні, каханьне І побач з дарогай запылены крыж, Зь якога твая пачалася дарога, Якім і закончыцца ўсё апасьля. А музыка будзе малітвай да Бога Ляцець і вяртацца, як крык жураўля, Які па-над Нёманам вольна крыляе, Бо тут нарадзіўся ля гэтых дуброў, Дзе ты без народа сябе не ўяўляеш, Бо толькі з народам жывая ў нас кроў... Твой родны маёнтак разбураць і спаляць Тутэйшыя людзі, якіх ты любіў, Якіх ты лячыў... Чырвоная цэгла ў траве, нібы памяць, Якую народ наш аднойчы згубіў, Калі адвярнуўся на міг ад Айчыны, Каб скінуць свой крыж беларускі з плячэй... На рэштках маёнтка кусты і асіны, І Нёман, як вечнасьць, спакойна цячэ...
21.IV.2010.
|
|