 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
1 Зьзяла зорка над начною пусткай, Быццам першы залацісты цьвік. Аблачыны падалі, як руты, Прыглушалі немаўляці крык. «Аве! Аве!» – птушкі прасьпявалі. «Аве!» – адгукнулася зямля. Паўтарала ўсё жывое: «Аве!» І заснула ў хлеве немаўля. Ну а людзі выбягалі з хатаў, На балконы выбягалі віл. Зорку вязьні бачылі з-за кратаў, Бачылі нябожчыкі з магіл. «Быць вайне!» – няшчасныя шапталі. «Цар памрэ!» – багатыя раўлі. А аблокі мякка ападалі І стваралі ружы на зямлі. І сьвятло, запаленае ўночы, Бачылі нямногія яшчэ. ...І заснуў у хлеве ціха хлопчык Пад сузор’ем матчыных вачэй.
2 Сёньня ўночы народзіцца Бог, Сёньня днём не зьмяніліся людзі. І валхвы не пратопчуць дарог Да Марыі па сьнезе і брудзе. Я люблю гэты час і мароз, Вастразорае неба і шэпат Аблачын. І няпэўны свой лёс, І далоні, узьнятыя ў неба. Сёньня ўночы народзіцца сьвет. П’е гарбату наш госьць выпадковы. Хутка пойдзе – і выстыне сьлед, І разьвеюцца сумныя словы... Словы, словы... Частункі душы... Б’е гадзіньнік. Да поўначы блізка. Толькі ў полымі сьвечкі дрыжыць, Як пялёстак, блакітная рыска. Хутка, хутка народзіцца Бог. Прыйдзе любасьць хаця б на хвіліну. Хто хацеў дараваць і ня змог – Сэрца ў сьвеце мінулым пакінуў. Хто ня ўспомніў пра Бога – сьляпы. Мітусьня, хлеб штодзённы – ня вечнасьць. Сёньня горад – ад зор залаты, Батлеем – у каляднай цямнечы.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|