Усё жыцьцё ён маляваў сьвятых. Сьпярша – падмайстрам – тоўк у ступе фарбы. Цярплівай працай юных дзён сваіх Вучыўся адганяць грахоў завабы. Пасьля няўмелым пэндзьлем – дзень за днём – Фон рыхтаваў да фрэсак... Потым доўга За майстрам дамалёўваў... І агнём, Цяжкім агнём гарэлі вочы Бога. А па начах у вузкае вакно Маленькай кельлі заглядалі зоры, І пахла ноч дажджамі і віном, І хвалявалася трава, як мора. І Бог глядзеў зь нябёсаў, як сьвятло, Само сьвятло – што абразы прад гэтым. І разуменьне ў гэты час было Між небам – і любым зямным паэтам. А раніцой званіў няўмольны звон, І зноў чакала праца і малітвы... І мніх старэў... Славутым стаўся ён... І абразы яго стваралі дзівы. У кожным зь іх была схавана ноч, Зямная ноч за сьценамі кляштара, І мора траў, і зарапад, і дождж, І ўсё жыцьцё, што пражылося ў марах.
|
|