Дзядоўнік чарнее на сьнежным сувоі, І месяц блакітнае сяйва струменіць. І крочаць маўкліва жанчыны і воі, І крочаць маўкліва старыя і дзеці. А той, што наперадзе, серп уздымае, А ён – залаты і бязьлітасна востры. А той, што наперадзе, – дрэва шукае, На ім амялы распускаюцца зоры. Чый род разжывецца чароўнаю кветкай – Ня здужае вораг, ні морак, ні сьцюжа. І той, што наперадзе, дрэва прыкмеціў, Ён ведае словы і чары парушыць. А сьнег пад нагамі рыпіць непрыязна, І месяц халодны, як мёртвае вока. Напэўна, агмені апошнія гаснуць У хатах, пакінутых недзе далёка. А холад кранае за целы, за сэрцы, І плачам бязгучным зайшлося малое... Сагрэцца, спыніцца... Спыніцца, сагрэцца... А лес набліжаецца вельмі паволі. А той, што наперадзе, серп прыўзьнімае, І зьзяе ляза маладзік сьмертаносны. І кветку чароўную племя прыдбае, Ахвярай ля дрэва абраўшы кагосьці. Затое жывым – амяла дастанецца. І людзі маўкліва пад месяцам крочаць. І той, хто наперадзе, ціха сьмяецца, І зьзяюць яго невідушчыя вочы.
|
|