...I сьціраўся лягчэй, чым сьціраецца сьлед ад алоўка, На імклівай вадзе чаратамі запісаны лёс... Ён ішоў наўздагад; да хрыбта прыкарэла ватоўка. У хусьцінцы шаўковай ён семя таемнае нёс. Як ад сьмерці ратуюцца, ён ад жыцьця ратаваўся, I жыцьцё абмінала, і сьмерць не шукала яго. Тры разы пакідаў, тры разы да каханай вяртаўся, На чацьвёрты вярнуўся – ды ўжо не было да каго. Ён на полі пустым тры начы прастаяў нерухома, На чацьвёртую ноч кінуў семя з хусьцінкі ў ральлю. I зямля скаланулася, быццам ад нізкага грому, – I адрынула семя... Тады ён пакінуў зямлю. У чатыры канцы ён ляцеў у здабытай прасторы – I нікога за ім, і нічога прад ім не было. ...На абражаным полі зраселі апалыя зоры, I паўночнае зьзяньне паўліным хвастом расьцьвіло...
|
|