Мяне хапае на кароткі верш, на лёгкі флірт з прыемнаю жанчынай, а што я зьдзейсьніў у жыцьці найперш – ня ведаю, як, зрэшты, і прычыны. I ўвогуле – я дбаю пра сябе, сябе люблю, ў сабе люблю капацца, сябе выносіць на сваім гарбе, кяб потым жа сабе і падабацца. I часта мне даводзіцца ірваць на целе ўтаймавальную кашулю, бо хочацца кахаць, каб не скаваць, жыцьцё зьмяніўшы на пятлю ці кулю. Пра кулю я, аднак, усё ж зманіў, бо зброя ў нас даўно не прадаецца, і піва не заўсёды на разьліў, ды і на вынас хутка зноў зьвядзецца. Так і жывём. А што да маіх вершаў, дык гэта ад таго, што ні рубля, што продак мой жыцьцё сваё завершыў, ніколі не хадзіўшы ў сабалях. Вось так, браток, а словам ты ня вер, бо прыгажосьць адна і варта ўвагі. Дарэчы, дай дзясятку напавер: я ўжо даўно заходжуся ад смагі.
3.VI.1990.
|
|