РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Надходзіць зноў туманны час –
прадоньне дзён нявольных.
Магчыма, больш ня ўбачу вас,
браты мае, ніколі.
 
Душы людской ня дам скаваць,
бунтарных дум узмахам
я прывітаньні буду слаць
вам з кожным вольным птахам.
 
Няхай ня крышыць сэрцаў сум –
усім жа не устояць...
Адныя сьцяг свой данясуць,
другія ўпадуць ў боі...
 
Ня страшны зьдзек мне, ні прымус,
над Краем толькі плачу.
Дала мне Маці-Беларусь,
відаць, такую ўдачу...
 
Заўсёды ў мроях з вамі, ў снах –
жыць буду ці загіну.
П’ю чару горычы да дна
за вас і за Краіну.
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.