РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Будзь здаровы, далёкі мой Краю,
разлучыла з табою нас сьмерць,
ўжо нікога больш не прычакаю,
не змагу больш нікога сустрэць...
 
Не ўсьміхнецца надзеяю болей
сіратліва-жалобная даль,
дарагія ня прыйдуць ніколі,
мне няма ўжо каго выглядаць...
 
Можа, вецер, рвучы павуценьне
на бязьлюдных асеньніх палёх,
прынясе адгалосы мучэньняў
ці апошні ўміраючы ўздох.
 
Можа, хмары, напіўшыся сьлёзаў
над гаротнай, радзімай зямлёй,
зь ніў заблудзяць сюды па дарозе
і расплачуцца жалем са мной.
 
Можа, птах у вясьнянае раньне,
не знайшоўшы старога гнязда,
прынясе ад цябе прывітаньне,
летучы у чужыну, назад.
 
На каптан твой нявольнічы, шэры
песьні вольнай, бунтарнай душы
я хацела, як вечныя перлы,
табе ўзорам на грудзі крышыць.
 
Сяньня ў пальцах маіх, недабітка,
ненавісьці шалеючых бур,
абарвалася родная нітка,
звонкіх перлаў рассыпаўся шнур.
 
На каменьнях нялюбага краю
не згаўлю я крывавячых ран,
сваіх перлаў больш не пазьбіраю,
не прышыю на шэры каптан...
 
Будзь здароў, Краю мой, я малюся
за сям’і свае змучанай кроў
сэрцам, п’яным маёй Беларусьсю,
будзь здароў, Краю мой, будзь здароў...
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.