РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Янычары
З гікатам, віскам па сьмерць і па кроў,
са скрыўленым лютасьцю тварам
ляцяць на паселішчы родных бацькоў
ліхія сыны-янычары.
 
Літасьць для іх – то няведамы госьць,
памрэ і малы, і нядужы,
у думках адно ў іх – служальчасьць і злосьць:
прароку і месяцу служаць.
 
Сямейныя юрты і мір не для іх,
ў набегах пад грукаты бубнаў
на попеле сёлаў, на конях дзікіх –
іх сьвяты й крывавыя будні.
 
Ім памятаць нельга пра рожавы твар
і белыя матчыны грудзі,
якія ўскармілі дзіця сваіх мар
пад песьню, якой не забудзеш.
 
Ды ўсё ж не забыць да скананьня жыцьця,
як з рук нежывой маладзіцы
ад раны ў грудзёх адрывалі дзіця,
змушалі прароку скарыцца.
 
І слоў не забыць, што плылі з малаком
і гушкалі песьняй салодкай,
і матчыных вуснаў над хворым чалом,
і рук яе ў белі палотнаў.
 
Вось йзноў тыя нівы, сады і плятні,
ля хатаў з бусламі сяброўства,
і зарыва ноччу, і сёлы ў агні,
татараў нялюдская помста.
 
Туманяцца вочы і вусны дрыжаць,
і жаль, і ўстыдно янычару
бялявых жанчынаў ў ясыр заганяць
і край гэты нішчыць пажарам.
 
Назад бы адважна каня павярнуць
і шабляй крывою з наскоку
заместа братоў – лепей сэрцы пратнуць
ўсіх слугаў страшнога прарока.
 
Як бліскаўка – розум. Йзноў гікат кругом –
ня думаць, а слухаць загадаў
вучылі нагайкі іх ноччу і днём,
ўжо іншай ня ведаюць рады.
 
Ня жаль ім скрываўленых братніх галоў,
ні земляў, што топчуць чужыя,
Над кволаю музыкай матчыных слоў
арда пераможная вые.
 
І людскасьць, і роздум ужо не для іх,
яны – як чума, як зараза,
і колюць, і тнуць – дабіваюць слабых,
ўвесь род, ўсю радзіну адразу.
 
Прарваліся ліўні, пасыпаўся град –
зямля застагнала ня дарам
над сьмерцю дружынаў, над попелам хат,
над доляй сыноў-янычараў...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.