РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жыровічы
Жыровічы – сьвяты для нас куточак,
гдзе цэрквы ў неба вежы узьнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак –
благаслаўленьне для маёй зямлі.
 
Чужыя ў нас былі паны, вяльможы,
зь цяжкое працы жыў стары народ.
Жыў ён зь любові, з ласкі Маці Божай,
якая зь ім была ў часы нягод.
 
Сягоння з хмараў дождж на землю выпаў,
ступаю моўчкі па сьвятой зямлі.
Благаславі мяне, старая ліпа,
і ад ліхога гольлем затулі.
 
Вякі ты маіх продкаў затуляла
і ад набегаў, войнаў сьцерагла.
Я ля цябе – і спакайней мне стала.
Упэўнена стаю каля ствала.
 
Свая душою, з гэтага я роду,
прыйшла к табе сягоньня, як у сьне.
Ты папрасі Айцоў сівабародых,
каб ўспомнілі ў малітвах пра мяне.
 
Дождж не сьціхае, ўсё навокал мокне.
У Жыраве я сяньня першы раз.
Шкадую сэрцам, што не пастушок я,
які убачыў той сьвяты абраз.
 
Мне цяжка у жыцьці было – за тое
дай мне пачэсна на зямлі пражыць.
З крынічкі напаі мяне сьвятое,
зь якой так прагну тваю праўду піць.
 
О Маці Божая! Ты – ласка у цярпеньні,
прамень сьвятла, што празь вякі ня згас,
на голаў грэшную маю пашлі благаславеньне
і будзь пры мне ў жыцьця адказны час.
 
Хай будзе мір і ўсюды Твая воля,
і Бог – Твой Сын – расьпяты на крыжы.
Стары народ наш не пакінь ніколі
і ад нягодаў землю сьцеражы!
 
1981
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.