РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Жыцьцё ўскалыхнула мне водгульле дум,
пра іншае думаць ня хочацца.
На’т месяц забыўся на зор грамаду,
між хмараў самотна валочыцца.
 
Ці недзе па тундры марознай брыдзе
сьлядамі нявольных калёнаў
і лічыць гады: колькі хто адсядзеў
з тых лягерных шэрых мільёнаў.
 
Ідуць арыштанты дарогай крывой –
загад даў вусаты і мудры...
Сабачыя морды, зьвярэе канвой,
і крык замярзаючы ў тундры.
 
Паверце, што нават у каменны век
тупы, у пячорах жывучы,
яшчэ вузкалобы, як зьвер, чалавек
жанчын так сурова ня мучыў.
 
У турмах, на волі зь відна да цямна
гісторыя піша аповесьць.
А праўда на сьвеце ёсьць толькі адна,
і ліха на сьвеце адно ёсьць.
 
А кату ці боязна глянуць назад?
Зьняць маску з вачэй ці выгодна?
Сумленьне і праўда – то больш, як загад,
народ – больш за ўсе нагароды!
 
Судзіць я ня ўмею, дароўваць – тым больш,
бо гэта – пладзіць бесхрыбетных,
якія за танны за Юдавы грош
па вязьніцах мучаць паэтаў.
 
Сьвітае. Нявінныя ўсталі з калень,
а мёртвыя выйшлі па лаўры.
I толькі ад праўды схаваліся ў цень
апошнія сталіназаўры.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.