РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Арол
Ні дзікі зьвер, ні свойскі конь,
шляхотныя разьдзьмуўшы храпы
і ў жылах чуючы агонь,
прастор так мерыць не патрапіць.
 
Ніхто туды не даляціць,
дзе пену белагрывых хмар
ў паднеб’і сонца залаціць,
а вецер тушыць зорны жар.
 
Шляхі паднебныя арлоў!
Угору маніць віхраў сьпеў,
краса зямлі заве далоў –
над мора кучаравых дрэў.
 
Калі ж сплыве на горы сон,
і птушкі ў гнёздах ціха сьпяць,
лячу за ветрам наўздагон
туды, дзе зоры мігацяць,
 
У скалах над маім гняздом
мне ноч вянкі із зор віе.
Ніхто ня знае, дзе мой дом,
адзін вятрыска там пяе.
 
У недасяжнай вышыне,
як вольны дух, жыву адзін.
Ні дождж, ні град ня страшны мне,
ні перуны, што рэжуць сінь.
 
Я быстрых бляскаў знаю рух
і громаў ведаю удар.
Так падаю я ўніз на луг,
б’ю ў сэрцы выбраных ахвяр.
 
Багаты мой арліны лоў
сьціхае ў вострых капцюрах.
Маю дарогу значыць кроў
мой чорны цень наводзіць жах.
 
Шырокі мой арліны сьвет.
Сьвятыняй мне – мой скальны кут.
Ня знаю я жыцьцёвых бед,
мой вольны дух ня зносіць пут.
 
Свабодны толькі знаю гон
і вольна толькі ўмею жыць.
Адзін мне ведамы закон:
гняздо і волю бараніць!
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.