РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Дзень сінялобы стукае ў вакно
халодным пальцам – трэба прачынацца.
Снуюцца сны, як тое палатно,
што вечарамі доўга будзе ткацца.
 
Снуюцца думы зрэб’ем на краснох,
пратканыя чарнейшым успамінам.
Дзе вы былі, як на аленьні мох
мне сьлёзы падалі і расплаўлялі льдзіны?
 
Дзе вы былі? Той самы быў талант
і тая ж сьвятасьць Беларусі ў сэрцы.
Чыя заслуга, хто быў вінават,
што кінулі ў абдымкі белай сьмерці?
 
Так можна заўтра песьняў жменю ўзяць,
што вырасьлі з душы непакананай,
і на пасьмешышча, як душу маю, даць,
ці так, як рукі, – закаваць ў кайданы.
 
I будзе зноў маўчаць нямы народ,
як тыя сосны у падцятым лесе.
А вы, забыўшыся, паедзеце ўпярод
па лаўры й званьні новыя ў экспрэсе.
 
Ізноў праложыце мне цяжкі шлях
у бель начэй, у цемень дзён паўночных.
I, як калісьці, з торбай на плячах,
пайду з сабакамі ў цяні штыкоў я моўчкі.
 
Я салаўём пяяць вам не магу
і боль гаіць душы сваёй крыніцай.
Іначай навучылася ў пургу,
што выла ў ноч разьюшанай ваўчыцай.
 
Цяжкія хвоі на плячах цягнуць,
біць мерзлату кіркой да адурэньня
пра роднае дзіця гады ня чуць,
глядзець кругом на тысячы мучэньняў.
 
Не, не кранайце набалелых ран,
а то прыпомніцца бяздольны плач дзяцінны,
і з сэрца вырвецца нястрыманы вулкан
караючай і вогненнай лавінай!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.