РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Топчуцца коні тэўтонаў
па землях адвечных прусаў.
Захопнікам ня ўсё роўна –
прусам жыць пад прымусам.
 
Пярун ім ня дасьць парадаў,
бясьсільны перад аружжам.
Сваю прадыктуе «праўду»
вораг хітры і дужы.
 
Дарма разьбіваюцца хвалі
жалем пакутным аб бераг.
Волю народу забралі
чужацкія сіла і вера.
 
Вецер у цемры блукае,
плача ўначы, як гусьлі:
«Дзе ж ваша мова жывая?
Дзе ж вашы песьні, прусы?»
 
Душы ў няволі змоўклі,
сьціхла іх шматгалосьсе.
Зь песні танюткай ноткі
ад прусаў не засталося.
 
Але беларусы – ня прусы!
Нашаму слову ня ўмерці!
Хлеба забралі лусту,
а мову ня вырвуць з сэрцаў!
 
Нам сонца надзеяй сьвеціць,
і сэрцы у нас – ня мякаць.
Балтыйскі сірочы вецер
над намі ня будзе плакаць.
 
Мы беларусы, – ня прусы,
зратуем сябе ад згубы,
пакуль наша горла пракусяць –
паломяць крывыя зубы.
 
Зратуем роднае слова,
мы беларусы – ня прусы.
Нам не сканае мова
рэхам апошнім на вуснах!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.