РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Там
Там кроў ліецца, там за волю
Барцы на вісельні ідуць,
А вы, вы мучаны найболей,
Сьпіцё, хоць вас даўно там ждуць.
 
Скажыце мне, а за каго йны
Пайшлі на сьмерць, пайшлі вайной?
Хто ёсьць на сьвеце так дастойны,
Што трэ ахвяры аж такой?
 
Га, з вас ніхто таго й ня знае,
Што йдуць за тых на бітваў жар,
Хто труд свой потам аблівае,
Над кім стаіць з нагайкай цар.
 
Што йдуць за тых на катні зьдзек,
Хто сваёй працай горкай, цяжкай
Сьвет корміць, – сам галодны век,
Адзеты лапцямі, сярмяжкай.
 
Што йдуць, каб бедным і галодным
Дзянькі сыцейшы зацьвілі,
Зрабіць нявольніка свабодным,
Даць безьзямельнаму зямлі.
 
Дык вось, на сьмерць ісьці іх змусіў
Найнешчасьліўшы чалавек.
А вы, адродкі Белай Русі,
Сьпіцё, як быццам кат засек!
 
До спаць! Паўстаньце грамадою
I йдзіце ім там памагаць,
Паўстаньце крэпасьцю такою,
Каб вораг вас ня мог зламаць.
 
Паўстаньце, покуль цар звыродны
Крыві ўсяёй ня выссаў з вас!
Паўстаньце! Край ваш стогне родны,
Заве збаўляць, як зваў ня раз.
 
Паўстаньце, гляньце, Божа мілы,
Свабода, сонца вас заве!
Крыху адвагі й дружнай сілы,
А шчасьце вечна зацьвіце.
 
Зганіце сон, асьлепны сон,
Збудзіце дух прыбіты свой,
I ўдарце ў згоды гучны звон,
I сабярыцесь грамадой!
 
I йдзіце, йдзіце вы туды,
Дзе ўжо даўно кроў льюць за вас,
Нясіце веліч сьлёз, бяды,
Нясіце крыўды напаказ!
 
Хай кроў пальецца дзень, другі
Варожым трупам на падсьціл,
Хай у няволі ланцугі
Спадуць ад грому вашых сіл!
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.