РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Закон чалавечы
Ня ўсе браты, ня ўсе сябры на сьвеце,
хоць сьвет такі, што жыць – не паміраць.
Глядзіш – ідзе двухногі па планеце,
гатовы сонца галавой дастаць.
 
Ён патрабуе послуху і веры,
як брантазаўр, ня знае дабраты.
Для гэткіх жыцьці – лічбы на паперы,
і боль людскі для гэткіх – гук пусты.
 
Зь няпраўдаю у сэрцы, без сумленьня
брыдзе ў крыві, ня лічачы ахвяр.
Зброд халуёў і дурняў на каленях
прад ім згубіў свой чалавечы твар.
 
Ён радасьцю заве людское гора,
прывык чужую волю дыктаваць.
На белы сьвет ён заўтра скажа «чорны»,
і дурні сьледам «чорны» закрычаць.
 
Ён заўтра скажа «ворагі» на сільных
і здраднікамі мужных назаве,
і халуі, прыслужваючы пільна,
паставяць праўду зноў на галаве.
 
Крычацьмуць, у імя хлусьні нявечыць,
забыўшыся, што ад пачатку дзён
для ўсіх людзей закон ёсьць чалавечы,
і кожны з нас адказны за закон.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.