РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прабач
Вецер жалем гудзе на разлогах,
як жаночы няўцішаны плач.
Мой сыночак, сягоньня так многа
мне кахаючым сэрцам прабач.
 
Ты прабач, што дрыжаць я ня ўмела,
ад душы адганяючы страх,
што сяброў пакідаць не хацела
дабравольна, свой выбраўшы шлях.
 
Ты прабач, што начамі ў няволі
ад насьмешак, ад зьдзеку і зла,
безь цябе задыхалася з болю
і той боль неяк перажыла.
 
Быццам раны, балелі ўспаміны,
калі з сэрца, зь ліпучай крыві
адарвалі каханага сына
і сказалі – бяз сына жыві...
 
Біўся ў цемры праменьчык надзеі,
іскра радасьці ў дзікай журбе.
Я наўрад ці калі зразумею,
як жа выжыць змагла безь цябе?!
 
Ты прабач, што ня чуў маіх словаў,
што ня знаў, як, пакінуты, жыць.
Ты прабач мне, што даляў суровых
не змагла да цябе скараціць.
 
Лёс магчымасьці ўсе мне адкінуў,
і шляхі мне пурга замяла.
Ты прабач, што ў цяжкую хвіліну
я табе памагчы не змагла.
 
Ты прабач мне тваю адзіноту
твой юначы пакрыўджаны плач,
тваю кожную кропельку поту
зь цяжкай працы, сыночак, прабач.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.