РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сыну
Ясьнейшы за сонца, цяплейшы за сонца,
і радасьць, і роднасьць, і боль мой бясконцы!..
Будзь, сынку, зь людзьмі – нібы ласка жывая,
што ўсіх разумее, усіх сагравае.
 
Ня знай чужой крыўды і страху ня знай,
замест ненавідзець – ты шчыра кахай.
Пі мудрасяць з жыцьцёвых крыніцаў і з кніг,
умей сабе верыць, жыві для другіх.
 
Лячы, як умееш, вучы так, як можаш,
бальзам у цярпеньні, маяк ў бездарожжы.
Хай рук тваіх сіла ніколі ня згіне,
будзь хлебам галодным, вадой у пустыні.
 
Убачыш плаксівага – сьлёзы сатры,
пагладзь – не удар, і лепш дай – не бяры.
Ня крыўдзь слабасільных і крыўдзіць ня дай,
ад сэрцаў самотных тугу адганяй.
 
Шануй сваіх бліжніх, малодшых і старшых,
будзь радасьцю іхняй, іх песьняй, іх маршам.
Тваё застаецца хай чыстым сумленьне,
а сілай хай станецца праўды праменьне.
 
Будзь быстры, як ястраб, і хуткі, як леў,
калі б тваіх брацьцяў хто крыўдзіць пасьмеў.
Глумі ўсё ліхое, жыві для дабра,
пі кару напарсткам, а ласку – зь вядра!
 
А золата кінуць – прайдзі па ім горда
пад думаў арліных жывыя акорды.
Для тых, хто бяз сэрцаў, будзь сьцюжай зімовай,
умей бачыць праўду, вер чынам, ня словам.
 
Будзь цьвёрдым, як камень, у чорныя дні,
прад сільнымі сьвету галоўкі ня гні.
Май слова – як іскру, а мысьль – як крышталь,
а сілу – як выстрал, а волю – як сталь!
 
Май сэрца дзіцяці, любі свой народ,
будзь прыкладам брацьцям, будзь бацькам сірот,
у пекле – анёлам, ня толькі ў раю...
Я людзям для шчасьця цябе аддаю!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.