РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Раве пурга, вятры ў тайзе павіскваюць,
бушлат цярэбяць і зьбіваюць з ног.
Клыкі сабак ашчэрана пабліскваюць.
Ідзем па мерзлай тундры без дарог.
 
I ад пургі хістаюцца канвоі,
і кожны канваір – як нелюдзь-кат.
Адна ў іх мова – мат агідны й зброя,
да мату як дадатак – аўтамат.
 
Сабакі налятаюць на дзяўчатаў,
на смычы іх канвоям не ўтрымаць.
Вучылі іх, як нашы рваць бушлаты
і цела пад бушлатам наша рваць.
 
Аўчарка наша, Альма наша мілая,
сабачая краса і прыгажосьць,
глядзіш мне ў вочы, шчырая, прыхільная,
ці моўчкі дагрызаеш сваю косьць.
 
Прыроду ведаю тваю сабачую,
страшную пашчу, злосны ў тундры брэх.
Здаецца зноў, што на марозе плачу я,
і сьлёзы-льдзінкі коцяцца у сьнег.
 
Твар заінеў і зьледзянелі рукі,
забіла дых і сьвет ўваччу пагас.
Раве канвой, і ў давяршэньне мукаў
аўчаркі дзіка шчэрацца на нас.
 
Сыдзі з вачэй, аўчарка наша мілая,
хай сьціхне, крыху ўляжацца ўспамін.
Раве пурга зь нялюдскай дзікай сілаю,
а недзе ў людзях горка плача сын...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.