Што кажаш мне, паэт, a праўдзе тэй, што будзе? Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён! A бачу добра й сам: ідуць да праўды людзі, Расьцець яе жаўнер, і шырыцца загон Марудна, братачка! I покуль сонца ўзыдзе, Дык вочы выесьць нам салёная раса, I покуль першы дзень людскога шчасьця прыйдзе, Мільёны сэрц праткне гароты злой каса. Пакінь, пакінь сьпяваць a праўдзе тэй, што ў небе! Яна чужая нам, таемных праўда сіл; Яна ня сходзіць к нам ў канечнае патрэбе, Калі пакуты дзень так довег і ня міл! Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы, Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было, I што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры, I што ў мільёнах душ разоры правяло. Прашу цябе, сьпявай аб горы песьнь адну ты I наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй, Тагды, убачыш сам, парвуцца духа путы I будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.
|
|