У сны мае пачаў часьцей Заходзіць дзед Варфаламей. Заходзіць дзед, прыносіць скрынку, I дастае са скрынкі скрыпку, I кажа ціха: – Вось... Бяры... Цябе Бог выбраў для ігры. Бяры, бяры, ня будзе лішняй, Яна ў мяне з часоў Франьцішка... А я кажу Варфаламею, Што не зьбіраюся ў Арфеі, Што мейсца скрыпачцы ў музэі, Калі вазьму - не зразумеюць. А ён за мною сьледам ходзіць, А ён сваё, сваё даводзіць: – Маёй душы ня знаць спачыну, Пакуль я скрыпку не пакіну: Я зьберагаў яе для сына, Ды сын у Прусіі загінуў... Вазьмі, вазьмі... Так, хлопча, трэба. Так я хачу, так хоча неба. I я – узяў... I тут жа ўскочыў, Сном ашаломлены прарочым. Навошта ўзяў? I што я ўмею, Унук вясковага Арфея?
|
|