РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маўчаньне перуна
430
Пімену Панчанку

 
Хвалу ўздавала небу нашча
Здаўна
Лясная старана,
Некарчаваны слухаў прашчур
Маўчаньне перуна.
 
Ад клопату адчуўшы продых,
Надзею ўсклаўшы на вясну,
Сырому дубу кленчыў продак,
Маліўся перуну.
 
Пярун праходзіў бураломам.
Ратай – зьвяздар і аграном –
На злыдняў слаў
Маланку з громам,
Бажыўся перуном.
 
А я на лусту аржаную
Шапчу:
– Кусьціся, ярына!
Прыглухлай боязьзю шаную
Маўчаньне перуна.
 
Чалом б’ючы сваім асновам –
Ад курганоў да згаслых трун, –
Параіцца хачу са словам,
Пакуль маўчыць пярун.
 
Да сэнсу хочацца прабіцца,
Як арганаўту да руна.
Яна баіцца,
Навальніца,
Маўчаньня перуна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.