РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Палын і чарнобыль
Палын і чарнобыль –
Браты з даўніны,
На пусташах і на руінах
Трывала карэньне пусьцілі яны
Тубыльцамі ў родных краінах.
 
Сьвятлейшы ўспамінам
Палын-славянін,
Чарнейшы чарнобыль-татарын,
Адзін ласкавеў ля балючых былін,
Другі суравеў ля выгарын.
Яны – пагарэльцы
І сьведкі вайны –
Па сьвеце вандруюць спрадвеку.
Іх лічаць сваімі паны-дзірваны,
Адводзяць ад іх небясьпеку.
 
Сівее ў сухмень,
Серабрыцца палын,
У лівень рунее маўкліва.
Здаецца, чарнобыль
Чакае свой клін,
Што зь неба прывабіла ніва.
 
Палын і чарнобыль,
І мне вы – радня,
Браты па малечай галечы.
Пясчанай каплічцы апошняга дня
Вы глуха атуліце плечы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.