РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З гадамі
Дагэтуль смутак галадае,
Як змрок,
Ня знашчаны сьвятлом.
Часьцей прыгадваю з гадамі,
Як ела мама.
 
За сталом
Яна падоўгу не сядзела,
А несла да стала,
Была
Каля стала.
Імгла радзела.
Дзень белы
Мыўся дабяла.
 
А на двары абрыдлы статак
Штодзённай пільніцы
Рыкаў,
Капрызна тузаў за рукаў,
Як той малеча, недастатак.
 
Падмазкай мазала аладку,
Бо масла згасла,
Малако
Далёка зьехала.
Букатку
Пякуць спрадвеку па дастатку.
А ці аблуплена яйко,
Лянько чакае.
Жартам ласым
Заскварваўся нішчымны дым,
Што зь місы віўся самапасам,
І сьмех быў з жыватом пустым.
 
– А журавелькі паляцелі,
З сабой палудзень панясьлі, –
Казала мама.
Карацелі,
Як дні, запасы.
Жураўлі
Да нас сініцу слалі ў госьці,
Каб зябла гэтак, як і мы,
Каб скрасіць кропляй прыгажосьці
Галоднасьць холаду зімы.
 
Дагнаць хацела
Мама лета,
А на бягу ўсё, на хаду.
І толькі смагла –
Помню гэта –
Піла сьцюдзеную ваду.
Бо ў прыпары,
Бо на сьпякоце
Пастушкай,
Жнейкаю,
Касцом
Насьмяглася –
Каб кропля ў роце! –
Лёс поўным
Абышоў карцом.
 
Гады свае бароды
Бела,
Як старцы,
Сушаць на кіях.
Прыпомніць не магу ніяк,
Калі спакойна
Мама ела...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.