РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Гулкая вулка роднай Вушачы
Слухае сьцішана на схіле дня
Просьбы ласкавай голас дзіцячы:
«Татка,
Пасадзі мяне на каня!»
 
Гэта амаль забытае
«Татка» –
Слова вяртае здалёку мяне.
Даўняя згадка,
Быццам загадка,
Здагадалася, што тугу ўзварухне.
 
Зноўку прашу, як калісьці прасіў я,
Зь ціхай назойлівасьцю авадня,
Хоць сам зрабіўся, што конь той, сівы:
«Татка,
Пасадзі мяне на каня!»
 
Разгаманіліся напаміны
Голасна, як на памінках радня.
Хочацца верыць –
Бацька павінны
З пашы гадоў
Мне прывесьці каня...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.